Вяскоўцы пакутуюць без вады, а «СБ» запэўнівае, што «не такі страшны чорт…»

Жыхары вёскі Суйкава Віцебскага раёну 10 гадоў пішуць лісты да ўладаў і атрымліваюць адпіскі-абяцанкі, ходзяць на прыёмы па кабінетах – але вады ў вёсцы дагэтуль няма. Толькі траціна жыхароў маюць водаправодную ваду.

Вяскоўцы пакутуюць без вады, а «СБ» запэўнівае, што «не такі страшны чорт…»


Апошняе абяцанне, што цягам тыдня адновяцца працы па пракладцы водаправода, мясцовыя актывісты пачулі на прыёме ў старшыні Віцебскага райвыканкаму Генадзя Сабыніча 9 жніўня. Алена Янушкоўская, жыхарка вуліцы Партызанская, распавяла, што Сабыніч запэўніў іх, што ўжо прызначаныя для гэтых працаў Br 30 000, і што райвыканкам адправіў у аблвыканкам хадайніцтва пра выдзяленне дадатковых сродкаў.

Напярэдадні, 26 ліпеня, на «Белсаце» выйшаў сюжэт, у якім распавядаецца пра сітуацыю, у якой апынуліся жыхары вёскі.

Матэрыялы аб гэтай праблеме былі і на іншых сайтах. «Арыгінальна» адрэагавала выданне «СБ Беларусь сегодня». З пункту гледжання карэспандэнта «СБ» Ганны Навумавай у Суйкава ўсё цудоўна. У яе артыкуле «жвавая энергічная» 88-гадовая жанчына з задавальненнем прагульваецца за вадой да калонкі, якая знаходзіцца ў 50 метрах ад дому.

А старшыня Заронаўскага сельскага выканкаму Раіса Ярошкіна ў «СБ» сцвярджае, што ў вёсцы пяць стацыянарных калонак – па вуліцах Полацкай і Камуністычнай, няма калонак «толькі» на вуліцах Партызанская, Новая і Моладзевая. Таксама паводле дзяржаўнай газеты ў людзей хапае прыватных калодзежаў. «Нашая сямʼя як і многія тут, ходзіць за вадою да суседзяў, яны ніколі не адмовяць», – перадае «СБ» словы адной з жыхарак вёскі.

Пераехалі ў вёску, бо думалі, што тут будзе шчасце

Шматдзетная сям’я Таццяны Макаравай пераехала ў Суйкава ў 2010 годзе.

«У нас 6 дзяцей, адно з іх – інвалід. Муж працуе ў абласной больніцы патолагаанатамам. На яго заробак у горадзе пражыць немагчыма. Вырашылі пераехаць у вёску, каб займацца сваёй гаспадаркай. Тады не маглі нацешыцца: дастаткова плошчы, чыстае паветра, ёсць агарод, месца для жывёлы», – распавядае Таццяна.

Вяскоўцы пакутуюць без вады, а «СБ» запэўнівае, што «не такі страшны чорт…»


Адна праблема – вады няма. Аказалася, што мець тут свой калодзеж – вялікая раскоша. Многія вяскоўцы пачыналі капаць, але толькі адзінкі знайшлі ваду. Вёска знаходзіцца на ўзвышшы і тут цвёрдыя пароды глебы, шмат дзе валуны.

На вуліцы Рабочая толькі адзін калодзеж і тое прыватны. Гаспадары дазваляюць браць ваду, але часта і ён пусцее.

Карове трэба на дзень каля 50 літраў вады

«Па ваду даводзіцца ездзіць далёка – больш за кіламетр. Гэта цяжка, бо яе трэба шмат: у нас дзве каровы, кожнай з якіх трэба на дзень каля 50 літраў вады, таксама і куры, і качкі хочуць піць. Ды і сям’я вялікая: трэба памыцца, бялізну памыць. Таму, калі дождж, ва ўсе вёдры, тазы і бочкі збіраем ваду. І так 7 гадоў», – распавядае гаспадыня.

Вяскоўцы пакутуюць без вады, а «СБ» запэўнівае, што «не такі страшны чорт…»


З водаразборных прыстасаванняў выпаўзалі чэрві і выскоквалі лягушкі

Раней быў водаправод, падключаны ад фермы, там была тэхнічная вада, прызначаная толькі для таго, каб напаіць скаціну. Той водаправод даўно згніў. У водаразборных прыстасаваннях былі і лягушкі, і чэрві.

10 год вяскоўцы абіваюць парогі розных інстанцый у пошуках вады


«Куды толькі не пісалі, каго толькі не прасілі аб дапамозе: ад сельскага савету да прэзідэнта. Але ўсе звароты скіроўваюцца ў мясцовы Савет, а старшыня Раіса Ярошкіна справаздачыцца, што вёска вадой забяспечана, што ёсць прыватныя калодзежы, водаразборныя прыстасаванні і што ўсім 113 падвор’ям вады хапае. Ёй сапраўды вады хапае, бо як толькі па вуліцы Камуністычная быў пракладзены водаправод – яна падключылася першая і зараз атрымлівае ваду з гарадскога водаправода», – паказвае стос лістоў Надзея Карапузава.

Водаправод закапалі ў чыстым полі

«У мяне свой калодзеж, але там амаль ніколі не бывае вады. Як толькі лета засушлівае, вада знікае. Пітную ваду купляем у крамах, калі здараецца магчымасць – набіраем з кранаў у кватэрах знаёмых», – Алена Янушкоўская змагаецца не толькі за сябе, а і за вяскоўцаў. – Дзе, у якой краіне такое яшчэ можна ўбачыць, каб людзі ў азёрным краі пакутавалі без вады? А начальства вырашыла, што будучаму пасёлку, якога і блізка яшчэ няма, водаправод патрэбен больш, чым нам. І закапалі трубу ў чыстым полі, якое знаходзіцца паміж Віцебскам і Суйкавам, дзе плануецца будаўніцтва катэджнага пасёлка. Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага аблвыканкаму казаў, што гэта рэзервовая лінія будзе. Але навошта нам рэзервовая, калі ў нас асноўнай няма?».

Вяскоўцы пакутуюць без вады, а «СБ» запэўнівае, што «не такі страшны чорт…»


Ёсць вада, але з дызентэрыйнай палачкай

«У Суйкаве ёсць калодзеж, які амаль ніколі не перасыхае. Але ў чатырох метрах ад калодзежа, з якога старажылка Марыя Сцяпанаўна бярэ сабе ваду толькі для тэхнічных патрэб (аб чым напісана ў «СБ»), знаходзіцца фекальная бочка, фекаліі трапляюць у калодзеж. У нас ёсць дакументы аб неаднаразовых даследаваннях вады, якія сцвярджаюць, што ў калодзежнай вадзе знаходзіцца дызентэрыйная палачка і зашкальваюць нітраты – гэтую ваду ўжываць у ежу нельга», – звяртае ўвагу Алена Янушкоўская на ілжывую інфармацыю.

У «СБ» напісана, што жыхарка вёскі «Вольга Будкевіч глядзіць на рэчы куды спакайней».

«Гэта асобная гісторыя, – каментуе суседка Вольгі Будкевіч. – Жыхары вёскі могуць мець не болей за 25 сотак зямлі. Але Будкевіч са згоды старшыні сельсавету, далучыла яшчэ адзін участак да свайго, па якой праходзіла дарога да задніх падворкаў. Людзі пакутуюць, так як да іх з вясны па восень не могуць даехаць ні хуткая дапамога, ні службы дастаўкі газа, ні, калі што здарыцца, пажарная машына. А гэта парушэнне не толькі правоў чалавека, а і ўсіх нормаў бяспекі».

Дык хто ўратуе вяскоўцаў ад смагі?

belsat.eu

Добавить комментарий!







Погода в Витебске


Курсы валют


Мы в социальных сетях



Радости жизни>> Все статьи

Замалёўкі бабулі-6

Запрасілі мяне дзеці ў паход. Грышаня пра яго марыў. Вызначылі месца, лагістыку: пляж Брыгітполля, праз Сураж, начоўка, а вяртанне – сапраўдны паход - пешкі да Суража, гэта кіламетраў шэсць з поўнай выкладкай.
Последние новости>> Все статьи

У Полацку забаранілі пікет супраць пераследу лідэраў прафсаюзу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча

Полацкі раённы выканаўчы камітэт адмовіў прадстаўнікам Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) ў правядзенні пікету 16 верасня. Між тым актывісты не прасілі дазволу на акцыю – яны проста паведамілі мясцовым уладам пра свой намер правесці пікет. Права ладзіць прафсаюзныя мерапрыемствы гарантавана

Віцябляне ў шоку. Хацелі паліклініку, пабудуюць Палац шлюбаў

У інвестыцыйнай праграме Віцебску на 2017 год першым пунктам запланаванае будаўніцтва Палацу шлюбаў. Але ці гэта аб’ект першай неабходнасці для жыхароў гораду? «Людзі цяпер рэгіструюць шлюб і з’язджаюць у вясельнае падарожжа без гасцей, вяселля. З’яўляецца гэта першай неабходнасцю думаю што не».

Віцебск пераўтвараецца ў велізарны бытавы сметнік

Пасля святаў і выходных ля пад’ездаў шматпавярховікаў Віцебска збіраюцца міні-палігоны цвёрдых адходаў, смецце са скрыняў імкліва запаўняе ўсю вольную прастору. Болей як трыста машын тых адходаў штодня вывозіцца спецкамбінатам, але 350 тысяч насельніцтва паўночнай культурнай сталіцы Беларусі