Чаму праваабаронцаў павінна быць “шмат, як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы”

Вядомы віцебскі праваабаронца Павел Левінаў адказвае на гэтае пытанне перад відэакамерай, падчас здымак прысвечанай яму дакументальнай стужкі. Дакументальны фільм “Ён такі, Павел Левінаў” здымаўся цягам некалькіх месяцаў і напрыканцы 2017 года ўжо з’явіўся ў інтэрнэце.

Чаму праваабаронцаў павінна быць  “шмат, як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы”



Сцэнар гэтага фільма трапіў да галоўнага героя незвычайным чынам: Павел Левінаў атрымаў яго разам з перадачай у віцебскі ізалятар часовага ўтрымання. Праваабаронца быў абвінавачаны за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і асуджаны на 15 сутак арышту. Насамрэч 25 сакавіка ў Віцебску праходзіў усяго толькі мірны сход грамадзянаў, а права на мірныя сходы - адно з падставовых правоў, замацаваных ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Павел Левінаў прыйшоў на сход з мэтай маніторынгу, і быў пакараны за сваю праваабарончую дзейнасць…


У назву фільма закладзена алюзія да флэшмобу, арганізаванага дзеля падтрымкі віцебскага праваабаронцы ягоным гомельскім калегам: Леанід Судаленка прапанаваў усім ахвотным сфатаграфавацца з плакатам “#я такі як Паша”. І гэтыя здымкі абляцелі ўвесь інтэрнэт, прадэманстраваўшы салідарнасць з Паўлам Левінавым.

Чаму праваабаронцаў павінна быць  “шмат, як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы”


А яшчэ сябры, калегі і аднадумцы Паўла, да якіх прыязжала здымачная група, распавядалі вельмі шмат гісторый “пра Дзеда Мароза” – пра тое, як праваабаронца, пераўвасобіўшыся ў казачнага персанажа, прыходзіў іх віншаваць. Толькі павіншаваць землякоў на галоўнай плошчы Віцебска ў Паўла Левінава не атрымалася.


“Летась я хацеў зладзіць святочны пікет — павіншаваць віцяблян з Калядамі і Новым годам. Але мне прадказальна адмовілі: маўляў, проста пабыць Дзедам Марозам для віцебскіх мінакоў аніяк нельга. Трэба спачатку заключыць дамовы на абслугоўванне пікета з медыкамі, дворнікамі і з міліцыяй… Карацей, здарылася тая самая сітуацыя, якая дэманструе абсурднасць рашэнняў выканкамаў, якія парушаюць падставовыя правы чалавека. І, каб давесці сітуацыю ўжо да поўнага абсурду, у касцюме Дзеда Мароза я з’явіўся і на пасяджэнне суда, дзе спрабаваў абскардзіць забарону”, — распавёў Павел Левінаў на адной з прэзентацый фільма.

Чаму праваабаронцаў павінна быць  “шмат, як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы”


Прэзентацыі фільма прайшлі ў Віцебску, Оршы і Полацку, і кожная з іх уключала ў сябе не толькі паказ дакументальнай стужкі, але й сустрэчу з самім галоўным героем. Кожная прэзентацыя была й па-свойму адметнай: у Віцебску, прыкладам, гледачы скандавалі напрыканцы фільма “Я такі, як Паша!” – апошнюю фразу, якую паўтаралі героі ў фінале. У Оршы невялікае офіснае памяшканне не змагло змясціць усіх ахвотных, і людзі заходзілі ў пакой па чарзе, каб задаць сваё пытанне, якое нарадзілася падчас прагляду, галоўнаму герою — Паўлу Левінаву. У Полацку сустрэча з праваабаронцам увогуле зацягнулася на некалькі гадзінаў, бо фільм справакаваў дзесяткі пытанняў.

Падчас прэзентацый першым гледачам фільма было прапанавана адказаць на пытанні анкеты - і пра тое, ці спадабалася ім дакументальная стужка, і пра тое, наколькі поўна дзейнасць праваабаронцаў асвятляецца ў беларускіх СМІ, і пра асабісты досвед зносінаў з праваабаронцамі, калі такі быў.


Анкетаванне ( у ім прынялі ўдзел каля 100 чалавек) паказала, што інфармацыі пра праваабаронцаў і іх дзейнасць бракуе ў сучаснай Беларусі. Удзельнікі апытання адзначылі, што гэта тычыцца як дзяржаўных СМІ (так лічаць 100 % ад колькасці апытаных), так і незалежных медыяў (30,4 % ад колькасці апытаных). Наведнікі прэзентацый фільма адзначалі, што ім бракуе такой інфармацыі ў любых фарматах: запатрабаванымі, на іхную думкі былі б і артыкулы пра праваабаронцаў, і інтэрв’ю з праваабаронцамі й тымі, каму яны дапамаглі, перадачаў з удзелам праваабаронцаў, фільмаў пра іх. Карыснымі, лічаць гледачы фільма “Ён такі, Павел Левінаў”, былі б таксама адукацыйныя мерапрыемствы ў галіне правоў чалавека.

Некалькі ўдзельнікаў апытання (18 чалавек) паведамілі, што яны звярталіся па дапамогу да праваабаронцаў, але толькі 10 з іх адзначылі, што супольнымі намаганнямі ўдалося дасягнуць станоўчых вынікаў. Каментуючы прычыны адмоўных вынікаў, людзі пісалі, што вінаваты ”таталітарызм” і тое, што “ў Беларусі недасканалае заканадаўства”. Некаторыя адзначалі, што поўнага вырашэння праблемаў з дапамогай праваабаронцаў дасягнута не было, але быў дасягнуты максімумальны прагрэс, які толькі можа быць на сучасны момант.

Чаму праваабаронцаў павінна быць  “шмат, як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы”


Амаль 80 % апытаных лічаць, што колькасць праваабаронцаў у Беларусі павінна расці. Гэтак сама лічыць і Павел Левінаў, які гаворыць напрыканцы фільма: “Праваабаронцаў павінна быць болей. Як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы. Каб кожная сям’я пра іх ведала, каб кожная сям’я ведала, да каго можна звярнуцца па прававую дапамогу. Каб у краіне як мага хутчэй адбыліся перамены да лепшага з выкананнем правоў чалавека”.

Добавить комментарий!







Погода в Витебске


Курсы валют


Мы в социальных сетях



Радости жизни>> Все статьи

У Віцебску ў гонар Раства Хрыстова адбыўся конкурс на лепшае выкананне песні

25 снежня ў Віцебску вернікі царквы хрысціян веры Евангельскай “Новае жыццё” па шматгадовай традыцыі зладзілі Дзень Нараджэння Ісуса Хрыста ў рэстаране, куды запрасілі сваіх знаёмых, якія наведваюць царкоўныя службы або вельмі рэдка, або ніколі.
Последние новости>> Все статьи

Уратуем Заронаўскае возера!

У Міністэрства прыродных рэсурсаў адпраўлены электронны зварот з просьбай правесці якасны маніторынг стану возера Заронава і яго асяроддзя.

Павал Севярынец прэзэнтаваў у Віцебску раман “Беларусалім. Золак”

Беларускі палітык і пісьменьнік Павал Севярынец прэзэнтаваў 14 студзеня ў Віцебску першую частку раману “Беларусалім” – кнігі, якую пісаў цягам апошніх 12 гадоў. Паводле слоў аўтара, “гэта кніга пра Беларусь, якая прачынаецца ў цемры”. Віцебская прэм’ера “Беларусаліму” выклікала вялікую цікавасьць

Алена Янушкоўская: я іду, каб вырашаць праблемы, якія гадамі не вырашаюць улады

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская, якая балатуецца ў Заронаўскі сельсавет і Віцебскі райсавет дэпутатаў, распавяла пра праблемы, з якімі яна сутыкнулася падчас збору подпісаў у сваю падтрымку: